НАРАЧАНСКАЯ ГРЎПА АЗЁР, у Мядзельскім р-не, у бас. р. Нарач. Уключае азёры Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае, якія злучаны паміж сабой кароткімі пратокамі (за выключэннем бяссцёкавага Бледнага возера) і маюць агульны сцёк у р. Нарач. Агульная пл. каля 100 км , аб′-ём вады 0,8 км3, пл. вадазбору 279 км2. Фарміраванне азёр звязана з этапамі адступання паазерскага ледавіка, калі вызваленыя ім участкі Нарачана-Вілейскай нізіны запоўніліся расталымі водамі і ўтварыўся азёрны басейн (узровень яго быў на 5—7 м вышэй сучаснага). 10—12 тыс. гадоў назад прыток ледавіковых водаў спыніўся, узровень басейна панізіўся і пачалі фарміравацца сучасныя азёры. Тыповыя прадстаўнікі іхтыяфауны — лешч, шчупак, акунь, плотка, лінь, судак- азёры зарыбляюцца вугром. Маляўнічасць азёр, хваёвыя лясы па берагах, спрыяльныя кліматычныя ўмовы абумовілі стварэнне вакол азёр буйнога рэкрэацыйнага цэнтра з санаторыямі, дамамі адпачынку, тургасцініцамі, піянерлагерамі. На дзяржаўным узроўні прымаюцца меры па ахове унікальнага прыроднага азёрналандшафтнага комплексу.