ДЗЕВІНСКАЕ ВОЗЕРА, у Аршанскім р-не. Пл. 2 км2. Найбольшая глыбіня 9,6 м. Даўжыня 5,1 км. Найбольшая шырыня 0,6 км. Даўжыня берагавой лініі 13,6 км. Аб′-ём вады 9,73 млн. м3. Пл. вадазбору 26,9 км2. У бас. р. Лучоса, за 30 км на Пн ад г. Орша, каля в. Дзевіна. Схілы катлавіны вышынёй 5—8 м (на Пн і ПнЗ 10 м), пад лугам ці разараныя, асобныя ўчасткі на Пн, ПнУ і ПдУ параслі лесам. Берагі вышынёй 0,3— 0,4 м, пад хмызняком. Падводная частка катлавіны ўскладняецца мелямі і ўпадзінамі. 1 востраў пл. 0,2 га. Прыбярэжную зону да глыбіні 3 м высцілаюць пяскі, глыбакаводную — сапрапелі і ілы. Надводная расліннасць утварае паласу шырынёй да 25 м і глыбінёй 1—1,5 м, падводная пашырана да глыбіні 2,5 м. У возера ўпадаюць 9 ручаёў і каналаў, на Пн выцякае р. Серакаратнянка. Уваходзіць у зону адпачынку Дзевінскае.