КЛЁТНАЕ ВОЗЕРА, у Полацкім р-не. Пл. 0,28 км2. Найбольшая глыбіня 2,1 м. Даўжыня 0,77 км. Найбольшая шырыня 0,47 км. Даўжыня берагавой лініі 2,26 км. Аб′-ём вады 0,15 млн. м3. Пл. вадазбору 22 км2. У бас. р. Свіна, за 47 км на ПнУ ад Полацка, каля в. Дзюдзькі. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м, пясчаныя, параслі лесам, на Пд разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шырынёй да 50 м. Дно плоскае, выслана сапрапелем. На Пн упадае ручай з воз. Грыбна, на Пд выцякае ручай у воз. Обалінец. Зарастае па ўсёй плошчы пераважна падводнай расліннасцю. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1,3 м.