СОСНА, возера ў Віцебскім р-не. Пл. 1,1 км2. Найбольшая глыбіня 9,4 м. Даўжыня 2,64 км. Найбольшая шырыня 0,82 км. Даўжыня берагавой лініі 7,53 км. Аб′-ём вады 4,01 млн. м3. Пл. вадазбору 5 км2. У бас. р. Лужаснянка, за 18 км на ПнЗ ад г. Віцебск, каля в. Доўжа. Схілы катлавіны вышынёй 5—7 м (на ПнУ 10—13 м), на ПнУ і У разараныя, на 3 параслі лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, участкамі вышынёй 0,4—0,7 м, задзернаваныя, на ПдУ забалочаныя, пад хмызняком. Пойма шырынёй 5—20 м, на ПдУ пашыраецца да 300 м, забалочаная. У цэнтры возера востраў пл. 0,015 км2. Дно да глыбіні 3 м (уздоўж усходняга берага да 4 м) пясчанае, ніжэй выслана ілам і сапрапелем. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй 2—20 м, радзей да 30 м. На ПнУ выцякае ручай у р. Храпаўлянка. Возера ўваходзіць у зону адпачынку Лосвіда.