СУЯ, возера ў Полацкім р-не. Пл. 1,54 км2. Найбольшая глыбіня 3,6 м. Даўжыня 2,75 км. Найбольшая шырыня 0,82 км. Даўжыня берагавой лініі 8,1 км. Аб′-ём вады 3,28 млн. м3. Пл. вадазбору 787 км2. У бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк, каля в. Плусы, на тэрыторыі зоны адпачынку Азёрная. Схілы катлавіны вышынёй 5—8 м (на ПдУ і месцамі на Пд 10—14 м), параслі лесам, на Пн разараныя. Ёсць некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, на 3 забалочаныя, на Пн месцамі сплавінныя (шырыня сплавіны 5—10 м). Пойма шырынёй 10—20 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй 8—50 м, пашырана да глыбіні 0,7 м. Злучана пратокамі з азёрамі Гомель (на 3) і Туроўля (на У).