ВАЎЧО, возера ва Ушацкім р-не. Пл. 0,38 км2. Найбольшая глыбіня 4,2 м. Даўжыня 1,28 км. Найбольшая шырыня 0,47 км. Даўжыня берагавой лініі 3,28 км. Аб′-ём вады 1,02 млн. м3. Пл. вадазбору 78,4 км2. У бас. р. Крашанка (выцякае з возера), за 1,5 км на У ад г.п. Ушачы, каля в. Ціханяты. Схілы катлавіны вышынёй 5—17 м, пераважна разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі месцамі пад хмызняком. Дно (уздоўж берагоў) пясчанае, глыбей выслана ілам. Паласа прыбярэжнай расліннасці шырынёй 5—15 м да глыбіні 1,8—2,5 м. На Пд упадаюць ручаі з азёр Вечалле і Дземінец.