СЛАВЕЧНА, рака ў Жытомірскай вобл., Ельскім і Нараўлянскім р-нах, правы прыток Прыпяці. Даўжыня 158 км. Пл. вадазбору 3600 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,7 м3/с. Агульнае падзенне ракі 172,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,1 %. Пачынаецца за 3 км на ПдЗ ад в. Антонавічы Оўруцкага р-на на вышыні 280 м над узроўнем мора ў межах Оўруцкага кража, цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці раўніны Мазырскае Палессе, вусце за 3 км на ПнУ ад в. Вяжышча Нараўлянскага р-на. Даўжыня ў межах Беларусі 109 км, пл. вадазбору каля 3000 км2. Ніжняе цячэнне ракі ў зоне адсялення. Асноўныя прытокі: Батыўля, Чэрцень (злева), Ясенец (справа). У Славечну па Свячанскім канале паступае частка сцёку з р. Жалонь. Даліна трапецападобная, ніжэй в. Цешкаў Нараўлянскага р-на зліваецца з поймай Прыпяці- пераважная шырыня 0,7—1 км, на некаторых участках у сярэднім цячэнні да 2,5 км. Пойма двухбаковая, шырынёй 400— 700 м. Рэчышча звілістае, на значным працягу ў сярэднім цячэнні моцназвілістае (шырыня 2—8 м), у некаторых месцах у верхнім цячэнні на тэрыторыі Украіны каналізаванае. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,3 м, у ніжнім цячэнні 1,8 м. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у сярэдзіне красавіка. Веснавы крыгаход 11 сутак.