ВОЛМА, рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўжыня 103 км. Пл. вадазбору 1150 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,7 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 %. Пачынаецца меліярацыйным каналам каля паўночна-ўсходняй ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узвышшы і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асноўныя прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шырынёй 0,4&mdash-0,6 км, месцамі больш за 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вялікім працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі.